Беларусь і Турэччына ў новай Усходняй Эўропе

4373

Вы прачытаеце гэты матэрыял за 4 хвіліны 

Усе грамадзкія ды экспэртныя дыскусіі, сацыялягічныя апытаньні напрацягу апошніх дваццаці гадоў у Беларусі прапануюць будаваць геапалітычны выбар Беларусі паміж усходам і захадам — Расеяй ці Эўрапейскім Зьвязам. Ніхто з дасьледчыкаў грунтоўна не разглядае альтэрнатыўны шлях разьвіцьця нашае краіны, але мінуўшчына сьведчыць пра магутнасьць і росквіт Вялікага Княства Літоўскага ды Асманскага Халіфату, калі суседнія імпэрыі захлыналіся ў цемрашальстве міжканфэсійных канфліктаў. У часы прыгнёту габрэйскага насельніцтва і рэлігійнага перасьледу іншадумцаў у Эўропе і Маскоўскай дзяржаве ўцекачы знаходзілі разуменьне і прытулак, гарантаваны талерантнымі ўладарамі краінаў Міжмор’я.

Сёньняшнія аргумэнты Лукашэнкі і бальшыні ягоных апанэнтаў у Беларусі даводзяць нашаму грамадзтву непазьбежнасьць выбару, у якім наш народ не застанецца гаспадаром уласнае краіны. Няма сэнсу даказваць ім адваротнае, але варта прапанаваць беларусам трэці шлях — інтэграцыю дзяржаваў Міжмор’я, сярод якіх найважнейшай ёсьць сучасная Турэччына, аб’яднаная ідэямі свайго нацыянальнага лідэра.

16 красавіка ў Турэччыне адбыўся ўсеагульны рэфэрэндум, па выніках якога ў Канстытуцыю гэтай краіны ўнесеныя зьмены, неабходныя для ажыцьцяўленьня абвешчаных Прэзыдэнтам Рэджэпам Таіпам Эрдаганам рэформаў. Зьмены ў Канстытуцыю таксама пашыраць паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы. Прыхільнікі лібэральнае дэмакратыі ў Беларусі на ўзор эўрапейскіх аднадумцаў абвінавачваюць Эрдагана ў масавых рэпрэсіях апанэнтаў пасьля здушэньня спробы вайсковага закалоту ў Турэччыне летась 16 ліпеня.

Ці магчыма зрабіць выснову пра падабенства памкненьняў і мэтадаў кіраваньня дзяржавай Эрдаганам і Лукашэнкам? Прэзыдэнт Эрдаган і ягоная ўладная партыя Справядлівасьці й Разьвіцьця ёсьць рухавіком Адраджэньня нацыянальнаe спадчыны ды ісьлямскіх каштоўнасьцяў турэцкага народу.

Вакол Эрдагана аб’ядналася бальшыня турэцкай дыяспары Заходняе Эўропы і нават насельніцтва курдзкіх правінцыяў у Турэччыне. Уявіце, дзе б зараз быў Эрдаган, калі б у звароце да свайго народу заявіў, што турэцкая мова нікчэмная, што ёсьць толькі дзьве вялікія мовы — арабская і ангельская? Якой сталася б ягоная палітычная будучыня, калі б заявіў, напрыклад, што збор законаў султана Сулеймана Цудоўнага ў 16-м стагодзьдзі быў складзены ў Дубаі, якi не існаваў на той час, як і не друкаваў беларускі пераклад Бібліі „Скарынa в Пітере”?

Летась 16 ліпеня вайскоўцы ў змове з сэктай Фэтхулы Гюлена, які жыве ў ЗША, спрабавалі зьдзейсьніць закалот у Турэччыне. Вайскоўцы вывелі на вуліцы Стамбула і Анкары танкі, але не разьлічвалі на адчайны народны супраціў. Больш 200 мірных абаронцаў дзяржаўнага ладу і дэмакратыі былі забітыя падчас дэманстрацыяў пратэсту з танкаў і гэлікоптэраў. Вайскоўцы абстралялі ды істотна пашкодзілі будынак турэцкага парлямэнту. Але народ бяз зброі выйшаў на вуліцы і здолеў абараніць свайго нацыянальнага лідэра, дэмакратычныя каштоўнасьці і канстытуцыйны лад краіны. На загад прэзыдэнта Эрдагана турэцкія сілы бясьпекі ня ўводзіліся ў парлямэнт і ня зьбівалі дэпутатаў апазыцыі. Каб забясьпечыць сабе перамогу на рэфэрэндуме ў Турэччыне прэзыдэнт краіны не зьмяняў склад Цэнтральнай Выбарчай Камісіі і ня будзе паводле ягоных вынікаў афіцыйна ці таемна прызначаць дэпутатаў у парлямэнт краіны.

З кожным годам мы часьцей абмяркоўваем неабходнасьць люстрацыі дзяржаўных службоўцаў і бюджэтных працаўнікоў, якія ўдзельнічаюць у фальшаваньнях вынікаў выбараў, звальненьнях з працы і выключэньнях апанэнтаў рэжыму Лукашэнкі з навучальных установаў Беларусі. Дваццаць гадоў Лукашэнка рэпрэсуе сваіх апанэнтаў у Беларусі, але дэманстрантаў на нашых вуліцах рэжым яшчэ не расстрэльвае. Калі зьбіраемся выдаляць тысячы непатрэбных ідэолягаў і прапагандыстаў з дзяржаўных прадпрыемстваў і мэдыяў, выкладчыкаў школаў, вучэльняў і ВНУ, якія змушаюць студэнтаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні, дык чаму абураемся масавым арыштам і звальненям тысячаў сэктантаў, якія імкнуліся да гвалтоўнага захопу і брутальнага ўтрыманьня ўлады у Турэччыне?

Леташнія падзеі 16 ліпеня і сёлетнія вынікі рэфэрэндуму 16 красавіка паказалі ўсяму сьвету кансалідацыю народу Турэччыны вакол свайго лідэра для абароны незалежнасьці, канстытуцыйнага ладу і дэмакратычных каштоўнасьцяў.

З улікам мізэрных дасягненьняў сацыяльна-гаспадарчага дабрабыту ў Польшчы, Чэхіі ды іншых краінах Цэнтральнае Эўропы на ўмовах поўнай страты ўласнасьці ў прамыслова-вытворчым сэктары эканомікі ня варта разглядаць гэтыя прыклады за ўзор пасьпяховага інтэграцыйнага праекту.  Беларускай прадукцыі цяжкай прамысловасьці няма і не прадугледжваецца належнае месца на рынках Эўрапейскага Зьвязу, але вакансыі на будоўлях ды аграфэрмах для беспрацоўных беларусаў і ў сумнеўных забаўляльных установах для беларускіх дзяўчат ужо апрабаваныя нашымі заходнімі суседзямі.

Разам з Украінай, Грузыяй, Азэрбайджанам, балканскімі краінамі па-за межамі Эўрапейскага Зьвязу і Турэччынай Беларусь можа ўтварыць дынамічны рэгіён Усходняй Эўропы з вольным перасоўваньнем насельніцтва, грашовага і гандлёвага абароту, найважнейшым транзытным калідорам паміж Эўрапейскім Зьвязам, Расеяй ды Азіяй.

Раман Кавальчук, Выканаўчы дырэктар Каардынацыйнага Цэнтру ў Рызе для беларускай грамадзянскай супольнасьці

Logo_руна