Cупрацоўніцтва  Ўкраіны з Турэччынай — дарожная мапа разьвіцьця беларуска-турэцкіх дачыненьняў 

21087
epa05203235 A handout picture provided by Turkish President Press office shows, Turkish President Recep Tayyip Erdogan (R) shakes hands with Ukrainan President Petro Porosenko (L) in Ankara, Turkey, 09 March 2016. Petro Poroshenko is on a two day visit Turkey where he will lead the Ukrainian delegation, as part of the fifth meeting of High Level Strategic Council between Ukraine and Turkey. EPA/TURKISH PRESIDENT PRESS OFFICE / HANDOUT HANDOUT EDITORIAL USE ONLY/NO SALES

Вы прачытаеце гэты матэрыял за 5 хвілінаў

Шматлікім замежным аглядальнікам вонкавая палітыка Турэччыны апошнім часам падаецца нявызначана рэфлексыўнай. Варта адзначыць, што спэцслужбы Расеі ды Ірану маюць разгалінаваныя сеткі ўплыву ў структурах бясьпекі і мясцовых уладах у Турэччыне, але не да ўзроўню прыняцьця рашэньняў у вонкавай палітыцы гэтае дзяржавы.

Пасьля леташняй адстаўкі Прэм’ер-міністра Турэччыны Ахмэта Давутоглу турэцкія нацыянальныя інтарэсы ў разуменьні кіроўнай эліты на чале з Прэзыдэнтам Рэджэпам Таіпам Эрдаганам атрымалі відавочную перавагу над ідэяй адраджэньня ў новым фармаце Асманскага Халіфату, зьніклага ў выніку Першай Сусьветнай вайны.

Сёньня Турэччына мае валавы ўнутраны прадукт варты палове ВУП Расеі. Дамова пра Асацыяцыю Ўкраіны з Эўрапейскім Зьвязам дагэтуль застаецца у цэнтры ўвагі экспэртнае супольнасьці і рознастайных мэдыяў, але гандаль ды інвэстыцыі паміж Украінай і Турэччынай таксама растуць значнымі тэмпамі, а Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка за паўтара гады ўжо тройчы наведаў Турэччыну.

Турэцкая нацыянальная авіякампанія Turkish Airlines зараз мае 50 рэйсаў ва Ўкраіну. З Стамбулу лятуны гэтых авіялініяў накіроўваюцца ў шэсьць гарадоў Украіны, саступаючы па колькасьці рэйсаў у гэтую краіну толькі Ўкраінскім Міжнародным Авіялініям. З улікам палётаў паміж Украінай і Турэччынай дзьвюх іншых турэцкіх авіялініяў Pegasus і Atlas колькасьць украінцаў, якія летась наведалі Турэччыну, перавысіла мільён асобаў. Тым часам каля 220 тысячаў грамадзянаў Турэччыны наведалі Ўкраіну. Турэцкія авіялініі Pegasus і Atlas штодня ажыцьцяўляюць два рэйсы паміж Стамбулам і Львівам.

Сёлета грамадзяне абедзьвюх дзяржаваў карыстаюцца з бяспашпартнага ўезду з біямэтрычнымі пасьведчаньнямі асобы на падставе новага ўкраінска-турэцкага двухбаковага пагадненьня.

Напрацягу апошняга дзесяцігодзьдзя грашовая вартасьць турэцкіх інвэстыцыяў ва Украіну павялічылася ў пяць разоў і перавысіла два мільярды амэрыканскіх даляраў. Летась гандлёвы абарот паміж Украінай і Турэччынай узрос да 3,7 мільярдаў даляраў ЗША і напрацягу бліжэйшых пяці гадоў можа дасягнуць 20 мільярдаў амэрыканскіх даляраў.

Да канца гэтага году чакаецца падпісаньне Дамовы вольнага гандлю паміж урадамі абедзьвюх краінаў. На імкненьне Турэччыны пашырыць эканамічныя сувязі з Украінай уплываюць нестабільнае становішча суседніх дзяржаваў, наяўнасьць Дамовы вольнага гандлю паміж Украінай ды Эўрапейскім Зьвязам і мінімальны заробак украінцаў, утрая меншы за прыняты ў Турэччыне, да таго ж з улікам вялікай колькасьці адукаваных і кваліфікаваных працаўнікоў. Часовая затрымка ў падрыхтоўцы пагадненьня абумоўленая патрабаваньнем сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Ўкраіны вольнага экспарту іхняе прадукцыі ў Турэччыну, недазволенага паводле падобнай дамовы з Эўрапейскім Зьвязам.

Міжнародная Асацыяцыя ўкраінскіх і турэцкіх бізнэсоўцаў з галоўным офісам у Кыіве мае рэгіянальныя філіі ў Львіве, Хэрсоне, Адэсе, Віньніцы ды Запарoжжы.

У вачох эўрапейскага бізнэсу Ўкраіна па-ранейшаму ўяўляецца дзяржавай, аслабленай вайной з Расеяй на паўднёва-ўсходняй мяжы. Але ў параўнаньні з іншымі суседзямі Ўкраіна для Турэччыны выглядае тэрыторыяй стабільнасьці. Турэччына ня мае дыпляматычных стасункаў з Армэніяй, Кіпрам і Сырыяй, на паўднёвай мяжы яна ўцягнутая ў працяглы канфлікт з курдзкімі ўзброенымі групоўкамі і да апошняга часу змагалася супраць тэрарыстаў гэтак званае «Ісьлямскае Дзяржавы».

У вонкавай палітыцы Турэччына з Украінай маюць агульную стратэгічную мэту: не дазволіць Расеі пашырыць кантроль над узьбярэжжам Чорнага мора. Турэцкі Прэзыдэнт Эрдаган называе акупацыяй незаконнае далучэньне Крыму ў склад Расеі і запэўніў Прэзыдэнта Ўкраіны, што Турэччына не прызнае анэксію акупаванай Расеяй паўвыспы. Сёлета ў студзені міністар замежных справаў Турэччыны Мэвлют Чавушоглу пацьвердзіў гэтую пазыцыю сваёй краіны.

Абедзьве краіны таксама падпісалі пагадненьне пра супольную распрацоўку і выраб ўзбраеньняў дзеля ўзмацненьня стратэгічнага партнэрства ў вайскова-палітычнай сфэры.

Сёлета ў красавіку турэцкі ваенны флёт браў удзел у супольных з флётам Украіны навучаньнях сілаў супрацьпаветранай абароны ў Адэсе. Ваенны флёт Украіны вельмі слабы, бо пасьля абвешчаньня незалежнасьці з 1991 году краіна не вырабляла вайсковыя караблі. Большую рэшту ўкраінскага флёту захапіла Расея падчас акупацыі Крыму ўвесну 2014 году. Да страты Крыму караблі ўкраінскага ваеннага флёту бралі ўдзел у супольных з NATO апэрацыях падтрыманьня бясьпекі ў акваторыях Міжземнамор’я і Ўсходняе Афрыкі. Турэччына здольная забясьпечыць Украіне тэхнічную падтрымку для распрацоўкі і вырабу вайсковых караблёў на ўласных вэрфах. Турэччына таксама мае магчымасьць забясьпечыць Украіну сыстэмамі ўзбраеньняў, дэтэктарамі і радарамі стандартавых ўзораў Паўночна-Атлянтычнага Альянсу.

Роля Турэччыны як галоўнага чыньніка стрыманьня геапалітычных амбіцыяў Расеі на прасторы Чорнага мора і падтрымка прыняцьця Ўкраіны ў склад NATO ёсьць вызначальнымі аргумэнтамі для паглыбленьня двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне вайсковай прамысловасьці. Супольныя праекты Ўкраіны з Турэччынай залучылі распрацоўку тэхналёгіяў канструкцыі сатэлітаў, сыстэмаў навігацыі, радараў і ваенных караблёў, вытворчасьць рухавікоў, этапаваных касьмічных ракетаў і балістычных ракетных сыстэмаў, цьвёрдапаліўных рэактыўных рухавікоў, далёкасяжных балістычных і крылатых ракетаў. Турэччына асабліва зацікаўленая ў супольных распрацоўках крылатых ракетаў.

Украіна мае сучасныя распрацоўкі сродкаў радыёэлектроннай барацьбы і радыёлякацыйных тэхналёгіяў. Украіна мае значны вопыт і веды ў галіне фундамэнтальных навук, у прыватнасьці матэматыкі, фізыкі ды хіміі, а найважней — у сфэрах іх выкарыстаньня. Турцыя істотна адстае ў гэтым рэчышчы. Турэччына супольна з Украінай распрацоўваюць сыстэмы гідраакустыкі ды ажыцьцяўляюць абмен студэнтамі, асабліва ў галіне машынабудаваньня, неабходнай для разьвіцьця вайсковай прамысловасьці.

Калі сёлета напачатку году Аўстрыя абмежавала тэхналягічную падтрымку вырабу рухавікоў для асноўнай мадэлі турэцкага танку Altay, Украіна прапанавала турэцкім вытворцам свой рухавік 6ТД-3 для танкаў. Дадатковая праблема паўстала пасьля адмовы продажу Нямеччынай рухавікоў для самаходных гарматаў ў выніку пагаршэньня яе двухбаковых дачыненьняў з турэцкім урадам. Таму ў гэтай галіне Турэччыну найбольш цікавіць імпарт дызэльных рухавікоў украінскае вытворчасьці.

На жаль, Украіна панесла вялізарныя страты эканамічных і людзкіх рэсурсаў у працяглай вайсковай апэрацыі па абароне ўсходніх рэгіёнаў краіны ад расейскай агрэсіі, якая значна абмежавала фінансаваньне уласных вайсковых распрацовак ды іх прамысловую вытворчасьць з дзяржаўнага бюджэту.

Тым ня менш, вынікі ўсебаковага супрацоўніцтва Украіны з Турэччынай уражваюць і сьведчаць пра неабходнасьць выпрацоўкі адпаведнай дарожнай мапы для разьвіцьця беларуска-турэцкіх дачыненьняў з перспэктывай пашырэньня міжнароднай вайскова-палітычнай ды эканамічнай інтэграцыі дзяржаваў Міжмор’я ва Ўсходняй Эўропе.

Раман Кавальчук, Выканаўчы дырэктар Каардынацыйнага Цэнтру ў Рызе для беларускай грамадзянскай супольнасьці

Logo_руна

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Please enter your comment!
Please enter your name here