Вы прачытаеце гэты матэрыял за 25 хвілін
Суверэнны Ваенны Ордэн Гаспітальераў Святога Іаана Іерусалімскага Родаса і Мальты (далей – Мальтыйскі Ордэн) з’яўляецца, пэўна, самым незвычайным суб’ектам сучаснага міжнароднага права. З аднаго боку – гэта рыцарскі рэлігійны ордэн Рымска-Каталіцкай Царквы, і ў гэтай якасці ён знаходзіцца ў падпарадкаванні Папы Рымскага як зверхніка гэтай царквы. З другога боку, сам Ордэн пазыцыянуе сябе як найменшую ў свеце незалежную дзяржаву. І такі статус прызнаецца за ім немалой колькасцю краінаў, у тым ліку Ватыканам і Італіяй, на тэрыторыі якой ён, уласна кажучы, і знаходзіцца. У кожным разе, пра шырокае прызнанне Мальтыйскага Ордэна ў якасці самастойнага суверэннага суб’екта міжнароднага права сведчыць тое, што зараз ён мае дыпламатычныя стасункі са 112 дзяржавамі, якія падтрымліваюцца з дапамогай разгалінаванай сеткі дыпламатычных прадстаўніцтваў. Апрача гэтага, Ордэн мае адносіны на ўзроўні паслоў з Еўрапейскім Саюзам, з’яўляецца сталым назіральнікам ў ААН і ў большасці яе спецыялізаваных арганізацыяў, прадстаўлены дэлегацыямі або сталымі прадстаўнікамі ў такіх арганізацыях, як Савет Еўропы, Афрыканскі Саюз, Міжнародная арганізацыя па міграцыі ды інш.
Міжнародна прызнаная тэрыторыя Мальтйскага Ордэна складае 0,012 га – гэта комплекс экстэрытарыяльных будынкаў на Авенцінскім халме ў Рыме (Авенціне), а таксама форт Сан-Анжэла на Мальце, які перададзены Ордэну ўрадам Мальты ў 1998 на 99 гадоў у выключнае карыстанне з правам экстэрытарыяльнасці. Агульная колькасць чальцоў Ордэна – каля 13,5 тыс. рыцараў і дам, што робіць яго другім па лічэбнасці ордэнам у свеце (пасля іезуітаў). Пры гэтым, падпарадкаваныя Ордэну службы гуманітарнай дапамогі налічваюць звыш 1 млн. чальцоў, аб’яднаных у 90 нацыянальных секцыяў. Увогуле, тэрытарыяльная структура Ордэна складаецца з 6 Вялікіх прыяратаў і 48 нацыянальных асацыяцый, а найважнейшымі арганізацыйнымі стуктурамі, побач са згаданымі службамі гуманітарнай дапамогі, якія дзейнічаюць у 33 краінах, з’яўляюцца Міжнароднае агенства па аказанню гуманітарнай дапамогі Мальтыйскага Ордэна (Malteser International) і Глабальны фонд для забытых людзей (Global Fund for Forgotten People), які акумулюе сродкі на рэалізацыю гуманітарных праектаў. Варта таксама згадаць, што Мальтыйскі Ордэн мае ўласную валюту (скуда), выдае ўласныя паштовыя маркі, аўтамабільныя нумары і дыпламатычныя пашпарты. Яго рэлігійным і свецкім галавой з’яўляецца Князь і Вялікі магістр, які абіраецца Генеральным капітулам Ордэна на пажыццёвы тэрмін. У выпадку немагчымасці абрання Князя, яго абавязкі выконвае Лейтэнант (даслоўна – “месцатрымальнік” ці “месцаахоўнік”) Вялікага магістра (што з’яўляецца актуальным і на сённяшні дзень).
Пачаткі гэтага незвычайнага ўтварэння сягаюць XI ст.: каля 1048 г. выхадцы з Італіі атрымалі ад халіфа Фатымідскага халіфата дазвол на будаўніцтва касцёла, кляштара і шпіталя для апекі над паломнікамі ў Святую Зямлю, незалежна ад іх вераспавядання (адсюль назва “гаспітальеры”). Пасля заняцця хрысціянамі Іерусаліма ў 1099 г. гэтая ўстанова ператварылася ў рэлігійны рыцарскі ордэн з уласным статутам. 15 лютага 1113 г. Папа Пасхалій II сваёй булай прызнаў суверэнітэт Ордэна гаспітальераў і права яго рыцараў вольна абіраць сваё кіраўніцтва без умяшальніцтва з боку свецкіх і царкоўных уладаў. Калі крыжакі былі выгнаныя з Палесціны, гаспітальеры на некаторы час атабарыліся на Кіпры, а ў 1308 г. заваявалі востраў Родас, дзе стварылі сваю ордэнскую дзяржаву. У 1523 г. Родас быў захоплены асманамі султана Сулеймана І. Згодна з умовамі капітуляцыі, рыцары пакінулі Родас са зброяй у руках. Але да 1530 г. заставаліся без уласнай тэрыторыі, пакуль імператар Святой Рымскай імперыі Карл V не перадаў ім у валоданне астравы Мальтыйскага архіпелага, на якіх ордэнская дзяржава і знаходзілася да канца XVIII ст. У чэрвені 1798 г. яе тэрыторыя была акупаваная войскам Напалеона Банапарта. А Вялікі магістр Ордэна падпісаў дамову аб саступцы астравоў Мальта, Гоца і Каміна Францыі. Праз два гады, у верасні 1800 г., гэтыя астравы былі захопленыя Велікабрытаніяй. І хаця па ўмовах Ам’енскага міру 1802 г., якім скончылася тагачасная англа-французская вайна, яны павінны былі быць вернутыя Ордэну гаспітальераў, гэтага ўжо ніколі не адбылося. Пасля страты Мальты, галоўная рэзідэнцыя Ордэна дастаткова часта змяняла сваё месцазнаходжанне (у 1798-1803 гг. яна была нават у Санкт-Пецярбургу), пакуль, нарэшце, у 1834 г. Папа Рымскі не перадаў мальтыйцам ва ўласнасць будынкі на Авенціне, дзе іх “штаб-кватэра” месціцца і па сённяшні дзень. У 1844 г. яна атрымала ад Пантыфіка права экстэрыятарыяльнасці, пацверджанае ў 1870 г. Італіяй, у склад якой тады ўвайшоў Рым.
Калі пытанні суверэнітэту Ордэна да яго сыходу з Мальты ні ў каго не выклікалі сумневу, то ўжо з пачатку XIX ст. іх давялося спецыяльна агаворваць у міжнародных актах. Кіраўніцтва гаспітальераў паўстала перад сур’ёзнай праблемай: па-першае, трэба было знайсці сваё месца ў сістэме еўрапейскіх дзяржаў; па-другое – абгрунтаваць падставы свайго суверэнітэту. Вырашэнне знайшлося, з аднаго боку, у фармаванні вобраза Ордэна, як надзвычай прэстыжнага закрытага міжнароднага клуба, чальцамі якога з’яўляюцца многія прадстаўнікі вышэйшай еўрапейскай арыстакратыі і ў які дапускаюцца толькі выбраныя асобы. А з другога боку асноўная дэклараваная місія Ордэна была выключна прывабнай для шырокіх колаў грамадства: у сярэдзіне XIX ст. мальтыйцы абвесцілі пра аднаўленне праграм медыцынскай і дабрачыннай дзейнасці.
А вось “трэці кіт”, на якім стаіць сённяшні Мальтыйскі Ордэн, ствараўся дастаткова доўга – на працягу большай часткі ХХ ст., але, па выніку, менавіта ён цяпер з’яўляецца галоўным апірышчам і сведчаннем суверэннасці. Гэта – дыпламатычная служба Ордэна. Галоўным “прамоўтэрам” яе развіцця быў Ватыкан, для якога знешняя палітыка гаспітальераў мелася быць своеасаблівым працягам палітыкі Святога Прастола “іншымі сродкамі”. Як справядліва адзначае У. Захараў, для Ватыкана “выгодна мець пад сваёй уладай салідных палітычных мужоў, якія не носяць манаскага адзення, а граюць актыўную ролю у справах сучаснага света і ў той самы час захоўваюць пэўныя абавязкі ў выглядзе абяцанняў перад касцёлам”. Першыя спробы заявіць пра сябе як пра суб’ект сучаснага міжнароднага права Мальтыйскі Ордэн зрабіў да пачатку Другой сусветнай вайны – ім былі ўсталяваныя дыпламатычныя адносіны са Святым Прастолам (1930) і з Італіяй (1937). Але толькі пасля вайны, з 1947 г., сталі з’яўляцца пасольства Ордэна па-за Апенінскім паўвостравам – першымі з іх былі прадстаўніцтвы ў невялікіх дзяржавах Лацінскай Амерыкі (Панама, Сальвадор, Эквадор, Нікарагуа ды інш.). Рэальна заўважным суб’ектам міжнароднай палітыкі Ордэн робіцца толькі пасля прыняцця ў 1961 г. Канстытуцыі, у якой агаворваецца яго дзяржаўны суверэнітэт, падданства і правапераемнасць ад Ордэна Гаспітальераў Св. Іаана Іерусалімскага (уласна тады і была зацверджаная яго сучасная назва). З гэтага часу ордэнская дыпламатыя пачынае імкліва пашыраць сваю прысутнасць у свеце. Гэты працэс набывае сапраўды лавінападобны характар пасля абрання ў 1988 г. Князем і Вялікім магістрам фра Эндру Уілогбі Найджэна Берці ды падзення “жалезнай заслоны” (праца ў краінах посткамуністычнай Еўропы адразу сталася адным з галоўных прыярытэтаў мальтыйцаў). За час кіравання Берці (1988-2008 гг.) колькасць краінаў, з якімі Ордэн усталяваў дыпламатычныя адносіны, павялічылася больш, чым у два разы – з 49 да 100.
Паслы Мальтыйскага Ордэна – дастаткова спецыфічная “каста” у сусветнай дыпламатыі. Сярод іх заўважныя, у асноўным, дзве групы асобаў. Адна – гэта былыя дыпламаты заходніх дзяржаваў, якія выйшлі ў адстаўку ў сваіх краінах, але працягнулі дыпламатычную кар’еру ў рамках рыцарскага служэння ў Ордэне. Другая – буйныя бізнэсоўцы і топ-менэджэры, якія сумяшчаюць перавагі свайго дыпламатычнага статуса з міжнароднай бізнэс-актыўнасцю. Рысы, якія іх аб’ядноўваюць, таксама не зусім звычайныя для іншых дыпламатаў. Па-першае, яны не толькі не атрымліваюць грашовага ўзнагароджання за сваю працу, але і за ўласны кошт утрымліваюць памяшканні і штат пасольстваў (што сведчыць пра неабходнасць някепскай асабістай забяспечанасці). Па-другое, там, дзе не існуе мясцовай асацыяцыі Ордэна (як, напрыклад, у Беларусі), яны мусяць сумяшчаць уласна дыпламатычную дзейнасць з кіраваннем гуманітарнымі праектамі (гэта значыць — распараджацца немалымі фінансавымі сродкамі). Па-трэцяе, адной з дэклараваных місіяў Ордэна на сусветнай арэне з’яўляецца пасярэдніцтва ў вырашэнні “далікатных міжнародных праблем”, — па словах аднаго з ордэнскіх дыпламатаў, — на ўмовах “неразгалошання канфедэнцыйнай інфармацыі”.
Варта адмыслова падкрэсліць, што менавіта дыпламатычная дзейнасць з’яўляецца адной з галоўных формаў існавання гэтага амаль тысячагадовага сярэднявечнага феномена ў сучасным свеце, а яе запатрабаванасць і паспяховасць у вырашэнні “далікатных праблем” – галоўным дзяржаўным інтарэсам Мальтыйскага Ордэна. Як гэтым можна карыстацца, добра ілюструе ўжо больш чым 25-гадовая гісторыя дыпламатычных стасункаў паміж Ордэнам і Рэспублікай Беларусь.
Увогуле, гісторыя прысутнаці мальтыйцаў у Беларусі – нашмат старэйшая. На працягу двух стагоддзяў (з 1612 па 1817 гг.) тут дзейнічала Сталовіцкая камандорыя Ордэна, заснаваная Радзівіламі, якая складалася з маёнткаў Сталовічы (цяпер – у Баранавіцкім раёне) і Пацейкі (Капыльскі раён). Пазней гуманітарная дзейнасць гаспітальераў была заўважная ў Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы – прынамсі, ёсць звесткі, што да верасня 1939 г. ордэнскі шпіталь працаваў у Брэсце.
Сучасныя беларуска-ордэнскія ўзаемадачыненні распачаліся ў 1990-х, а падставай для іх сталася таксама гісторыя – толькі больш прыватная. Яна звязаная з сядзібай князёў Святаполк-Чацвярцінскіх у пасёлку Жалудок Шчучынскага раёна. Пасля таго, як у 1939 г. яе вымушана пакінулі ўладальнікі, тут месцілася вайсковая частка, а потым – сельскагаспадарчае прадпрыемства, якое давяло сядзібу амаль да поўнага руйнавання. З гэтай сумнай нагоды ў пачатку 1990-х гг. мясцовы краязнаўца І. Глаз здолеў адшукаць у Бельгіі ўнучку апошніх уладальнікаў – Ізабэлу дзю Буа д’Эш (уроджаную Святаполк-Чацвярцінскую). Спадарыня Ізабэла апынулася мальтыйскай дамай і сакратаркай Бельгійскай асацыяцыі Ордэна. Як узгадвала пазней яна сама: “Я там пабывала з сям’ёю, каб пабачыць як гэта выглядае. Ну і здала сабе справу з мясцовых патрэбаў. Пабачыла шпіталь, які будавалі мае продкі. Мы вырашылі крыху дапамагчы. Папрасіла мальтыйцаў, і яны нам дапамаглі”. З гэтага, уласна, усё і пачалося – бельгійскія гаспітальеры сталі рэгулярна прывозіць у Беларусь гуманітарную дапамогу, а таксама спрычыніліся да пабудовы новай бальніцы ў Жалудку (дзе зараз існуе “куток памяці” І. дзю Буа д’Эш) ды іншых дапаможных праектаў. Першапачаткова, бакамі супрацоўніцтва былі Бельгійская асацыяцыя Мальтыйскага Ордэна і Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі, але ўжо неўзабаве, 30 красавіка 1996 г., у Парыжы быў падпісаны пратакол аб усталяванні дыпламатычных адносінаў паміж Рэспублікай Беларусь і Мальтыйскім Ордэнам. А ў 1997 першы Надзвычайны і паўнамоцны пасол Ордэна ў Беларусі барон Рабэр Луі Эжыд Мары Гіслэн Пангер д’Апдорп уручыў свае даверчыя граматы А. Лукашэнку. Барон Пангер д’Апдорп быў ветэранам Другой сусветнай вайны і былым бельгійскім дыпламатам (пасол Бельгіі ў Ірландыі ў 1987-1990). У яго кадэнцыю сядзіба пасольства знаходзілася ў Брусэлі, і ў гэты час фактычна адзінай тэмай двухбаковага супрацоўніцтва была арганізацыя і размеркаванне гуманітарнай дапамогі, у першую чаргу – абсталявання для медустановаў Беларусі.
Але, відаць, мальтыйцы здолелі пабачыць у стасунках з нашай дзяржавай нейкі большы патэнцыял. Бо ў 2004 г. Беларусь сталася першай ў СНД, дзе Ордэн адчыніў сваё паўнавартаснае пасольства. Першым яго гаспадаром стаўся новы пасол, — нямецкі барон Паўль Фрыдрых фон Фурхер, — які ўручыў свае даверчыя граматы 18 лютага 2004 г. Гэта ўжо быў ордэнскі прадстаўнік зусім іншага кшталту, чым папярэдні. Юрыст па адукацыі, да свайго прызначэння ў Мінск ён паспеў пабываць і адвакатам, і суддзём, і топ-менэджарам канцэрна; з пачатку 1990-х гг. вёў бізнэс у Чэхіі і Славакіі, і ў апошняй стаў дарадцам-пасланнікам пасольства Мальтыйскага Ордэна. У гэтай якасці барон фон Фурхер моцна спрычыніўся, з аднаго боку, да тэхнічнай мадэрнізацыі славацкай медыцыны, а з другога – да будовы касцёлаў і аднаўлення каталіцкага жыцця ў краіне. Заслугі не засталіся незаўважанымі: у 1998 г. ён стаў кавалерам славацкага Ордэна Белага Двукрыжа, а ў 2002 г. – кавалерам папскага Ордэна Св. Сільвестра. Важна адзначыць, што ў Беларусь П. фон Фурхер прыбыў саўладальнікам славацкай кампаніі “H&S medisys”, якая спецыялізавалася на гандлі медыцынскай тэхнікай, і заставаўся ім да красавіка 2008 г. Такім чынам, новы пасол меў і ўласны інтарэс, і ўсе неабходныя навыкі для пераходу ордэнскай дыпламатыі ў Беларусі на новы ўзровень.
У адрозненні ад свайго папярэдніка, П. фон Фурхер пачаў актыўна сустракацца з высокімі прадстаўнікамі беларускіх уладаў (як, напрыклад, са старшынём Палаты прадстаўнікоў В. Паповым). Але можна меркаваць, што асаблівая ўвага надавалася кантактам з кіраўніцтвам Беларускага экзархата РПЦ – недарэмна, сярод тых, з кім у Беларусі ў яго склаліся сяброўскія адносіны, першымі ён назваў “святароў праваслаўнай царквы”. Зрэшты, гэта не выглядае дзіўным, калі ўлічыць афіцыйную пазыцыю Ордэна, які “хоча быць на перадавой у прасоўванні экуменічнага дыялога і гатовы адгукнуцца на любую ініцыятыву, якая можа прывесці да прымірэння і братэрскага разумення паміж двума крыламі еўрапейскага хрысціянства”. Адначасова, пасля таго, як па выніках парламенцкіх выбараў-2004 і рэферэндуму аб зняцці абмежаванняў на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў, Беларусь патрапіла пад чарговыя заходнія санкцыі, яе улады актыўна шукалі варыянты паляпшэння свайго становішча на міжнароднай арэне. Да ідэі зрабіць інструментам “размарозкі” стасункаў з Захадам “экуменічны дыялог” іх, пэўна, падштурхнуў не толькі Ордэн, але і змена Пантыфіка ў 2005 г. – суайчыннік П. фон Фурхера на Святым Прастоле здаваўся больш схільным да камунікацыі з аўтакратамі, чым папярэдні Папа-паляк. Базавымі чыннікамі рэалізацыі ідэі былі вызначаныя: ініцыяванне сустрэчы Папы Рымскага з Патрыярхам Маскоўскім у Мінску і абяцанне заключыць канкардат з Каталіцкім касцёлам.
Справа “рушыла з месца” напачатку 2006 г. 9 студзеня П. фон Фурхер сустрэўся ў Мінску са старшынём Савета Рэспублікі і экс-прэм’ерам Г. Навіцкім (які, дарэчы, узначальваў беларускую дэлегацыю на пахаванні Папы Іаана Паўла ІІ у 2005 г.), а 18 лютага адбылася першая ў гісторыі сустрэча на высокім узроўні на Авенціне. Князь і Вялікі магістр фра Эндру Берці прыняў у сваёй рэзідэнцыі мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта. Пра небудзённасць гэтай сустрэчы сведчыла прысутнасць на ёй і другой асобы Ордэна – Вялікага канцлера Жан-П’ера Мазэры (натуральна, там быў і П. фон Фурхер). Аднак хуткага працягу не атрымалася – красавіцкія прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, рэпрэсіі, якія ім спадарожнічалі, ды новыя заходнія санкцыі на некаторы час прыпынілі развіццё падзеяў. Наступны крок адбыўся толькі ў маі 2008 г., але гэты крок быў фундаментальным і, відаць, добра падрыхтаваным: 28 мая 2008 г. даверчыя граматы Князю і Вялікаму магістру фра Мэцью Фэсцінгу ўручыў першы ў гісторыі Надзвычайны і паўнамоцны пасол Беларусі пры Мальтыйскім Ордэне Сяргей Алейнік – будучая ключавая фігура ў беларуска-ордэнскіх адносінах. С. Алейнік, на той момант — Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе, застаючыся на гэтай пасадзе, быў у 2008 г. прызначаны паслом пры Святым Прастоле і пры Мальтыйскім Ордэне па сумяшчальніцтву. І заховаў гэтыя дзве пасады да апошняга часу, паралельна займаючы іншыя высокія пасты ў МЗС Беларусі, – аж да прызначэння 13.12.2022 Міністрам замежных справаў (зрэшты, указ аб вызваленні С. Алейніка ад выкання абавязкаў, ускладзеных на яго ў 2008 г., так ніколі і не быў абнародаваны, што дазваляе некаторым лічыць яго выканаўцам гэтых абавязкаў і па сёння). На наступны дзень, 29 мая 2008 г., С. Алейнік уручыў даверчыя граматы Бенедыкту XVI. У прамове Папы з гэтай нагоды прагучала наступнае: “Я высока ацэньваю многія абнадзейлівыя знакі ды змены, якія сёння адбываюцца ў вашай краіне. Калі ласка, будзьце ўпэўненыя, што Святы Прастол будзе і надалей падтрымліваць вашу нацыю ў яе належных і законных імкненнях да свабоды і ў яе працы па развіццю дэмакратычных працэсаў, як частку вялікай сям’і свабодных і суверэнных еўрапейскіх нацыяў”. У тым жа 2008 г. адбыўся канфідэнцыйны візіт у Ордэн (і, пэўна ж, і ў Ватыкан) Міністра замежных справаў Беларусі С. Мартынава, пра які прамаўчалі ўсе СМІ, але “прагаварыўся” Князь і Вялікі магістр. Затое шырока асвятляўся візіт у Мінск у чэрвені таго ж года дзяржсакратара Святога Прастола кардынала Тарчызія Бертоне — першы ў гісторыі візіт ватыканскага чыноўніка такога рангу ў Беларусь, які знаменаваў сабою пачатак новай “адлігі” ў стасунках з Захадам.
За наступным візітам С. Мартынава на Авенцінскі і Латэранскі халмы ў лютым 2009 г. паследвала вялікае інтэрв’ю П. фон Фурхера “СБ – Беларусь сегодня”, апублікаванае 3 сакавіка 2009 г., у якім пасол Мальтыйскага Ордэна зрабіў канцэптуальную заяву: “Мы вітаем наладжванне дыялога паміж Беларуссю і Еўропай. Выступаем за адносіны без санкцыяў і якога б то ні было ціску. Гэта канцэпцыя Мальтыйскага Ордэна, які выступае ў ролі дыпламатычнага пасярэдніка ў сучасным свеце. У нас няма палітычных амбіцыяў. Таму сваёй задачай бачым навядзенне мастоў паміж краінамі і народамі, усталяванне ўзаемаразумення і эфектыўнага супрацоўніцтва паміж імі.” Гэта было пралогам для галоўнага “прарыву” тагачаснай беларускай дыпламатыі: у красавіку 2009 г. А. Лукашэнка здзейсніў афіцыйныя візіты ў Італію, Ватыкан і Мальтыйскі Ордэн — першыя з 1996 г. свае афіцыйныя візіты на Захад. 28 красавіка 2009 г., падчас сустрэчы з Князем і Вялікім магістрам фра М. Фэсцінгам, А. Лукашэнка заявіў: “Новыя формы і кірункі ўзаемадзеяння Беларусі з Мальтыйскім Ордэнам дазволяць яшчэ больш умацаваць сувязі рэспублікі з краінамі Захада ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай і інвестыцыйнай сферах … Нашы сувязі з Мальтыйскім Ордэнам … умацоўваюць пазіцыі беларускай дзяржавы на міжнароднай арэне”. У сваю чаргу М. Фэсцінг назваў падзею “візітам асаблівага значэння, які адчыніць новыя перспектывы на будучыню”. Наўрад ці пад “новымі перспектывамі” выступоўцы разумелі выключна выкананне сціплых пагадненняў, падпісаных падчас гэтага візіта: паштовай канвенцыі ды мемарандума аб гуманітарным супрацоўніцтве паміж Мінскім аблвыканкамам і пасольствам Ордэна ў Беларусі. Нашмат больш важнымі падаюцца нефармальныя дамоўленасці аб далейшым спрыянні Ордэна ў справе, якую А. Лукашэнка агучыў тады перад журналістамі: “Сёння ёсць унікальны шанец зблізіць пазіцыі, каб Папа Рымскі і Патрыярх маглі сустрэцца і абмеркаваць агульныя праблемы. Калі такая сустрэча адбудзецца, то няхай яна будзе ў Беларусі”. Магчыма, адным з вынікаў гэтага візіту было і тое, што ў Беларусі з’явіўся першы за некалькі стагоддзяў (і адзіны на сёння) рыцар Мальтыйскага Ордэна. 5 ліпеня 2009 г. Вялікі магістр абвесціў рашэнне аб прыняцці ў Ордэн мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, а 25 кастрычніка таго ж года ў мінскім катэдральным касцёле адбылася ўрачыстая цырымонія яго ўступлення ў гаспітальеры, якую правёў барон П. фон Фурхер. Дарэчы ў міжчассі, 25 верасня 2009 г., Т. Кандрусевіч сустрэўся ў Мінску з Патрыярхам Маскоўскім Кірылам, пасля чаго заявіў, што, па яго звестках, сустрэча Папы з Патрыярхам можа адбыцца ў 2010 г. падчас візіта Пантыфіка ў Беларусь.
Як вядома, гэты візіт не адбыўся і да сёння, а Папа з Патрыярхам сустрэліся нашмат пазней (у лютым 2016 г. на Кубе), і гэта была ўжо зусім іншая гісторыя. Але можна меркаваць, што актыўнасць мальтыйцаў як “сувязных” паміж Беларуссю і Каталіцкім касцёлам ды Захадам не змяншалася і ў наступныя гады. Прынамсі, менавіта яны ўзялі на сябе выданне незвычайнага прадстаўнічага фотаальбома “Падрыхтуйце дарогу Пану”, цалкам прысвечанага візіту дзяржсакратара Святога Прастола кардынала Т. Бертоне ў Беларусь. Яго прэзентацыі адбыліся 23 лістапада 2010 г. у Ватыкане (у прысутнасці самога Т. Бертоне і Вялікага камандора Мальтыйскага Ордэна фра Герарда Херкалані Фава Сіманэці, а таксама П. фон Фурхера) і 14 мая 2011 г. у Мінску (у прысутнасці старшыні Папскага савета па масавай камунікацыі арцыбіскупа Клаўдыя Марыя Чэлі ды П. фон Фурхера). Працягваліся сустрэчы на Авенціне пасла Беларусі пры Ордэне С. Алейніка (які паралельна займаў пасады пасла ў Вялікабрытаніі ў 2013-2020 гг., намесніка Міністра замежных справаў 2009-2013 і 2020-2022 ды першага намесніка Міністра з лютага па снежань 2022 г.) з Князем і Вялікім магістрам ды іншымі высокімі дастойнікамі. П. фон Фурхер праводзіў сустрэчы ў Мінску, у тым ліку і з мітрапалітам Філарэтам. Але падобна на тое, што з цягам часу гаспітальеры расчараваліся ў магчымасцях беларускага боку ўплываць на Маскоўскую Патрыярхію і вырашылі ўзяць справу папска-патрыяршых кантактаў ва ўласныя рукі. Пра гэта, хіба, сведчыць першы ў найноўшай гісторыі візіт Князя і Вялікага магістра ў Маскву ў ліпені 2012 г. і яго сустрэча там з Патрыярхам Кірылам.
Тады ж, у 2012 г., скочылася і місія ў Беларусі Паўля фон Фурхера. Яшчэ ў 2008 г. ён быў прызначаны паслом Мальтыйскага Ордэна ва Ўкраіне па сумяшчальніцтву, а ў 2012 г. кіраўніцтва Ордэна вырашыла адчыніць у Кіеве пасольства, і П. фон Фурхер перабраўся туды на стала. Развітанне барона з Мінскам стала вельмі заўважнай падзеяй. Яно адбывалася на фоне чарговай эскалацыі напружанасці ў беларуска-еўрапейскіх стасунках: у лютым 2012 г. Беларусь адклікала сваіх паслоў пры ЕС і ў Польшчы, а Мінск пакінулі ўсе паслы краінаў Еўрасаюза. 9 красавіка 2012 г. П. фон Фурхер быў прыняты А. Лукашэнкам. Прычым прэс-служба апошняга дала разгорнуты рэліз пра гэтую падзею, перадрукаваны ўсімі беларускімі дзяржаўнымі СМІ. Звяртаючыся да ордэнскага пасла, А. Лукашэнка заявіў: “Вы пакінулі ў Беларусі прыемны і значны след ад сваёй дзейнасці. У адрозненні ад сваіх калег, заходніх паслоў, Вы той чалавек, які імкнуўся ўсяляк дапамагчы Беларусі, заўсёды ўнікаў у праблему і рабіў усё на карысць беларускаму народу, за што я Вам вельмі ўдзячны … Скажу шчыра, мы на большае разлічвалі ў супрацоўніцтве з Каталіцкай царквою. Мы лічым, што Каталіцкая царква можа зрабіць болей у наладжванні адносінаў паміж Беларуссю і Заходняй Еўропай … Нам бы хацелася праз Вас данесці гэты сігнал. У Вас сур’ёзны ўплыў на Святы прастол, у вас там ёсць шмат уплывовых людзей, якія мусяць урэшце паглядзець, што ж адбывацца ў адносінах з краінай, дзе другая па велічыні на постсавецкай прасторы канфесія каталіцкая і дзе добрыя людзі, якія хочуць жыць у сяброўстве і ўзаемаразуменні”. Гэты публічны зварот па дапамогу да Ордэна і Ватыкана, паўтораны А. Лукашэнкам і на наступны дзень на сустрэчы з апостальскім нунцыем у Беларусі К. Гуджэроці, выклікаў вялікі рэзананс і прыадчыніў заслону над некаторымі “таямніцамі дыпламатыі”. Асабліва падкрэслівалася тое, што “Мальтыйскі ордэн не звязаны з Еўрасаюзам ніякімі абавязальніцтвамі і адначасова сам прапанаваў выступіць у якасці пасярэдніка”. Пры гэтым ён мае ўласны падвойны інтарэс. Па-першае, “за кошт дыпламатычнай дзейнасці падтрымліваецца яго існаванне, таму яго прадстаўнікі выкарыстоўваюць любую магчымасць зацвердзіць сябе, у тым ліку і ў рэальнай палітыцы”. А па-другое Ордэн мае “асаблівую ролю ў росте ўплыву Каталіцкай царквы ў Беларусі, а [яе кіраўнік] Тадэвуш Кандрусевіч на сённяшні дзень з’яўляецца адзіным у рэспубліцы рыцарам Мальтыйскага ордэна. Так што цалкам лагічна, што Аляксандр Лукашэнка перыядычна звяртаецца па дапамогу да Ватыкана і Мальтыйскага ордэна для вырашэння праблем узаемаадносінаў з Еўрасаюзам”. Як вядома, новай “адлігі” у беларуска-заходніх стасунках усё ж давялося пачакаць дастаткова доўга – да канца 2015 г. Што ж да Паўля фон Фурхера, то на развітанне з ім палічылі патрэбным яшчэ сустрэцца і Міністр замежных справаў С. Мартынаў, і Прэм’ер-міністр М. Мясніковіч. А дзяржаўнае тэлебачанне запісала вялікае інтэрв’ю, у якім барон падвёў вынік сваёй працы ў Беларусі пры А. Лукашэнка і падзяліўся задачамі ва Ўкраіне пры В. Януковічу: “Там трэба пабудаваць тое, што мы пабудавалі тут за 8 гадоў у Беларусі. Будзем імкнуцца тое ж пабудаваць ва Ўкраіне.”
Усе наступнікі П. фон Фурхера на пасадзе пасла гаспітальераў у Мінску былі нашмат менш “медыйнымі персонамі” (менавіта ў якасці прадстаўнікоў Ордэна), але ступень іх уплыву вымяралася далёка не гэтым. Амаль усе яны адносіліся да катэгорыі уплывовых заходніх бізнэсменах. Якія маюць уласныя бізнэс-інтарэсы, звычайна негалосныя, а кантакты праз Ордэн проста дазваляюць “вырашаць пытанні” на самым высокім узроўні.
Непасрэдным “зменшчыкам” нямецкага барона стаўся італьянскі арыстакрат Фабрыцыя Франчэска Віначча, які, зрэшты, таксама належаў да баронскага роду. Топ-менеджэр “з цудоўнымі міжнароднымі сувязямі”, былы выкладчык аднаго з найбуйнейшых амерыканскіх універсітэтаў, — Універсітэта Тэмпл, — на момант прызначэння паслом у Беларусь быў адказным за знешнія сувязі ў MBDA Italia – італьянскім аддзяленні вядучага еўрапейскага канцэрна па распрацоўцы і вытворчасці ракетных сістэм. MBDA, дарэчы, з’яўляецца лідарам ракетнага рынка ў Еўропе і займае другое месца на сусветным рынку ракет пасля Raytheon. Сваю місію ў Беларусі Ф. Віначча выконваў з 2012 па 2016 гг., і гэта быў час паступовага змякчэння еўрапейскіх санкцыяў супраць беларускіх уладаў – аж да поўнай іх адмены 28 лютага 2016 г. Пэўна, нейкую ролю адыгрывала ў гэтым працэсе і дыпламатыя Мальтыйскага Ордэна. Пры гэтым публічнымі тэмамі мінскіх сустрэч ордэнскага пасла былі праекты ў сферы аховы здароўя, сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў, або наладжванне кантактаў паміж беларускім і італьянскім бізнэсам. Зрэшты, сам Ордэн вызначаў асноўнай сферай дзейнасці свайго пасольства ў Беларусі ў тыя гады “паляпшэнне навуковай кааперацыі ў галіне даследванняў рака”. Так эўфемічна пазначалася рэалізацыя ў Беларусі “Праграмы дзеянняў па лячэнні рака” – ініцыятывы МАГАТЭ па стварэнні рэгіянальных цэнтраў прамянёвай тэрапіі, падтрыманай Ордэнам згодна з пагадненнем ад 28 лютага 2012 г. Акурат тады Беларусь пачынала будаваць АЭС у Астраўцы і была максімальна зацікаўленая ў развіцці супрацы з МАГАТЭ. І так сталася, што адным з чатырох нацыянальных праектаў, уключаных у Праграму тэхнічнага супрацоўніцтва Беларусі з МАГАТЭ, апынулася менавіта “выкарыстанне ядзерных тэхналогій у медыцыне”. Але працягваліся і палітычныя кантакты. У красавіку 2016 г. адбыўся афіцыйны візіт у Беларусь Вялікага канцлера Мальтыйскага Ордэна барона Альбрэхта фон Бёзелагера. Разам з Прэм’ер-міністрам Беларусі А. Кабяковым 26 красавіка 2016 г. ён падпісаў асноўны на сёння дакумент, на якім базуюцца двухбаковыя адносіны, – Дэкларацыю аб супрацоўніцтве (ніколі не абнародаваную публічна). А. фон Бёзелагер сустрэўся таксама з Міністрам замежных справаў У. Макеем. Пасля гэтай сустрэчы У. Макей паведаміў журналістам: “Нават у самыя цяжкія хвіліны, нават у самых цяжкіх сітуацыях у адносінах з нашымі еўрапейскімі сябрамі, мы заўсёды адчувалі падтрымку з боку Суверэннага Мальтыйскага Ордэна. Я думаю, што сумесны канструктыўны падыход да рашэння актуальных праблемаў міжнароднага характара стварае добрую аснову для нашага перспектыўнага супрацоўніцтва.” У Мінску Вялікі канцлер узяў удзел у міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 30-годдзю Чарнобыльскай аварыі. Варта заўважыць, што разам з ім у гэтай канферэнцыі ўдзельнічаў і генеральны дырэктар МАГАТЭ Юкія Амана, але апошні ўдастоіўся публічнай аўдыенцыі ў А. Лукашэнка, а А. фон Бёзелагер – не. Магчыма, канешне, што сустрэча была канфедэнцыйнай, але, хутчэй за ўсё непублічнымі былі нейкія рознагалоссі, якія праявіліся ў гэты час. Ускосна пра гэта можа сведчыць той факт, што ў праграму другога наведвання А. Лукашэнкам Рыма (20-21 мая 2016 г.) візіт на Авенцін не ўвайшоў, у адрозненні ад афіцыйных візітаў у Італію і Ватыкан. Такім чынам, вынікі дыпламатычнай дзейнасці ў Беларусі Фабрыцыя Віначча аказаліся супярэчлівымі для Ордэна. Чаго не скажаш, хіба, пра яго асабістыя дасягненні: за гэты час ён паспеў стаць старэйшым віцэ-прэзідэнтам MBDA Italia і атрымаць у 2014 у ЗША ганаровую прэмію Нацыянальнага італьянска-амерыканскага фонда. Праўда, напрыканцы сваёй місіі ў Мінску ў 2016 Ф.Ф. Віначча таксама паспеў стаць фігурантам карупцыйнага скандала ў Італіі, які прывёў да адстаўкі Міністра эканамічнага развіцця Ф. Гуідзі. Аднак гэта не перашкодзіла яму працягнуць дыпламатычную кар’еру ў Ордэне (14 лістапада 2016 г. быў прызначаны паслом у Перу).
У 2017 г. пасада пасла Мальтыйскага Ордэна ў Беларусі дасталася вельмі каларытнай асобе. Давідэ Мація Тракслер, – грамадзянін ЗША, Італіі і Швейцарыі, сын вядомага італьянскага дыпламата, выпускнік Міланскага каталіцкага ўніверсітэта па спецыяльнасці “палітычныя навукі”, — быў добра вядомы як топ-менеджэр “індустрыі раскошы”. Ён пачынаў сваю кар’еру з продажу яхтаў, потым займаўся элітнай мэбляй і парфумай, а з 2002 г. стаўся значнай асобай у гадзіннікавым бізнэсе. На момант прызначэння ў Менск быў CEO адразу двух швейцарскіх кампаній з кітайскім капіталам, — Corum і Eterna, — якія, праўда, пакінуў неўзабаве пасля гэтага прызначэння. 2 мая 2017 г. Д. Тракслер уручыў даверчыя граматы А. Лукашэнку, які з гэтай нагоды адзначыў “канструктыўны характар адносінаў Беларусі з Мальтыйскім Ордэнам”. А ў 2018 г. ордэнскі пасол узначаліў чарговы элітны гадзіннікавы брэнд, — Parmigiani Fleurier, — кіраўніком якога заставаўся ўвесь час сваёй місіі ў Беларусі. Місія доўжылася да канца 2019 г. і прыйшлася на часы найлепшых адносінаў паміж Захадам і беларускімі ўладамі ў ХХІ ст. Магчыма таму ў якасці ордэнскага дыпламата Д. Тракслер нічым асаблівым сябе не праявіў (прынамсі публічна). У справаздачы аб дзейнасці Мальтыйскага Ордэна за гэты перыяд пасольства у Беларусі выглядала сціпла: “дзейнічае ў супрацы з “Карытас” ды мясцовымі цэнтральнымі і рэгіянальнымі ўладамі, займаецца раздачай рэчаў першай неабходнасці тым, хто мае патрэбу, дапамогай дзецям-сіротам, рамонтамі дзіцячых дамоў і дзіцячых садоў, пастаўкай лекаў у беларускія установы, арганізацыяй павышэння кваліфікацыі беларускіх урачоў у замежных універсітэцкіх клініках, праграмамі постчарнобыльскай гуманітарнай дапамогі”. Але, відаць, у Менску Д. Тракслер запомніўся не толькі гуманітарнай дзейнасцю ды арганізацыяй канцэртаў класічнай музыкі, і не дарэмна пэўныя расейскія сайты заўважалі, што за ім “цягнецца рэпутацыя тайнага перамоўшчыка ад Брусэля, які ўмела маскіруе чаўночную дыпламатыю пад гандаль дарагімі хранометрамі”… Яго пераемнік, італьянскі мільянер і адзін з уладальнікаў нафтавага гіганта Italiana Petroli, граф Уга Марыя Бракеці Пэрэці ўручыў копіі даверчых грамат намесніку Міністра замежных справаў Беларусі А. Краўчанку 20 лютага 2020 г., а самі даверчыя граматы А. Лукашэнку – толькі 24 лістапада таго ж года. Як вядома, паміж гэтымі двума датамі ў Беларусі пралягла цэлая эпоха. І выглядае на тое, што ў міжчассі менавіта Давідэ Тракслеру давялося працягнуць выкананне сваёй дыпламатычнай місіі. Прынамсі, па некаторых звестках, ён канфедэнцыйна сустракаўся з А. Лукашэнкам паміж 11 і 14 верасня 2020 г. і, верагодна, адной з галоўных тэмаў размоваў быў лёс старшыні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, мальтыйскага рыцара Т. Кандрусевіча, якому ўлады тады забаранілі ўезд у краіну. Характэрна, што ў той самы час у Беларусі па тым самым пытанні знаходзіўся і высокі ватыканскі чыноўнік, – сакратар Святога Прастола па адносінах з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, — з якім сустракаліся У. Макей і С. Алейнік, але А. Лукашэнка пабачыцца не пажадаў. У выніку пасярэдніцтва Д. Тракслера не прывяло да імгненных вынікаў, — Т. Кандрусевіч змог вярнуцца на Радзіму значна пазней, 24 снежня 2020 г., пасля асабістага ўмяшальніцтва Папы Францыска, — але яно засталося вельмі шматзначным эпізодам у стасунках паміж Ордэнам і Беларуссю.
Што да У. Бракеці Пэрэці, то пачатак яго кадэнцыі добра запомніўся тым, што ён быў адным з першых замежных паслоў, якія ўручылі даверчыя граматы А. Лукашэнку пасля падзеяў жніўня 2020 г. і, такім чынам, прадэманстравалі прызнанне сваімі дзяржавамі афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі (зрэшты, апостальскі нунцый у Беларусі Антэ Ёзіч зрабіў гэта на тры тыдні раней, 3 лістапада 2020 г.). У 2021 г. Лейтэнант Вялікага магістра Мальтыйскага Ордэна фра Марка Лудзага быў адным з нешматлікіх кіраўнікоў, з якімі А. Лукашэнка абмяняўся віншаваннямі з нагоды нацыянальных святаў, а да 25-годдзя са дня ўсталявання дыпламатычных адносінаў з Ордэнам у Беларусі была выпушчана адмысловая паштовая марка. На пераломе 2021/2022 гг. мальтыйцы былі дапушчаныя да аказання дапамогі мігрантам на мяжы Беларусі і Польшчы, а ў лютым 2022 г. у сваёй прамове ў рамках Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы Вялікі канцлер А. фон Бёзелагер заявіў: “Мігранты і бежанцы сталі закладнікамі палітычнага тупіка … Мы рашуча асуджаем іх выкарыстанне ўрадамі”. Рэгулярна адбываліся і двухбаковыя сустрэчы на розных узроўнях. 28 верасня 2021 г. Часовы павераны ў справах Беларусі ў Італіі У. Васількоў быў прыняты Генеральным сакратаром па міжнародных сувязях Ордэна Стэфана Ронка, а 10 студзеня 2022 г. з С. Ронка на Авенціне сустрэўся і намеснік Міністра замежных справаў (ён жа, як памятаем, і пасол пры Ордэне) С. Алейнік. У чэрвені 2022 г. А. Лукашэнка павіншаваў з прызначэннем новага Лейтэнанта Вялікага магістра фра Джона Данлэпа і заўважыў пры гэтым: “Беларусь і Мальтыйскі Ордэн звязваюць многія гады сяброўства і супрацоўніцтва па шырокім спектары пытанняў. За гэтыя гады мы пацвердзілі статус надзейных партнёраў і адзінадумцаў”.
Пры ўсім гэтым, важна адзначыць, што ў 2021 г. Мальтыйскі Ордэн далучыўся да Міжнароднага альянса за свабоду веравызнання, створанага па ініцыятыве Дзяржаўнага дэпартамента ЗША. У Расіі лічаць, што сапраўдная задача гэтага аб’яднання – “узмацненне пазіцыяў ЗША і саюзнікаў у краінах з дамінуючым уплывам праваслаўя”.
У ліпені 2022 г. у Італіі з’явіўся публічны зварот да У. Бракеці Пэрэці падаць у адстаўку з пасады пасла ў Беларусі, як “краіны, якая больш за ўсіх падтрымлівае пуцінскую вайну”. Аўтары зварота, аднак, спазніліся са сваім заклікам: прэзідэнт Italiana Petroli на той момант ужо не займаў гэты пост. У лютым 2022 г. Ордэн прызначыў яму на змену чалавека зусім іншага кшталту. 30 верасня 2022 г. А. Лукашэнка прыняў даверчыя граматы ў новага пасла Мальтыйскага Ордэна Дэніса Мулхаўпта – былога чальца Савета кіраўнікоў вяшчання (федэральнага агенства ЗША, якое каардынуе тэлерадыёвяшчанне на замежныя краіны, яго чальцы прызначаюцца Прэзідэнтам і зацвярджаюцца Сенатам ЗША) і былога старшыні Савета дырэктароў “Радыё Свабода”. Напярэдадні, Д. Мулхаўпт сустрэўся з кавалерам Вялікага Крыжа мальтыйскага Высакароднага Ордэна Заслуг pro Merito Melitensi ды кавалерам Вялікага Крыжа ватыканскага Ордэна Св. Грыгорыя Вялікага С. Алейнікам. 13 снежня 2022 г. С. Алейнік быў прызначаны міністрам замежных справаў Беларусі. Выглядае на тое, што Мальтыйскі Ордэн і надалей будзе служыць для Беларусі важным каналам сувязі з Захадам. Ці гэта значыць, што неўзабаве варта чакаць на новую “адлігу”?
Ільгар Хатаўнянскі, адмыслова для Belarus Security Blog
