Інфармацыйная вайна пад чужымі сцягамі

2406

Вы прачытаеце гэты тэкст за 12 хвілін

Апошнія пяць год тэма «інфармацыйных войнаў», інфармацыйных атак стала досыць папулярнай, як у аналітычным асяродку, так і сярод звычайных грамадзянаў. Беларускія ўлады таксама зьвярнулі ўвагу на паблему, тэма інфармацыйнае бясьпекі, нават слова «фэйк» (дарэчы, таксама ў адрас РФ) актыўна выкарыстоўваецца Аляксандрам Лукашэнкам. Распрацавана і прынятая канцэпцыя Інфармацыйнае бясьпекі Рэспублікі Беларусь.

Праца йдзе, але замала ўвагі надаецца такому аспэкту інфармацыйных атакаў, як атака на інтарэсы Рэспублікі Беларусь у суседніх дзяржавах. Такія апэрацыі часьцяком праходзяць без належнае рэакцыі нашае дзяржавы паколькі:

  • на ўзроўні дыпляматычных прадстаўніцтваў не адпрацаваная сыстэма маніторынгу інфармацыйнага поля, аналізу тэмаў і накірункаў магчымых атак;
  • на ўзроўні дзяржаўных органаў унутры краіны адсутнічаюць ня толькі навыкі, але нават простае разуменьне патрэбы рэакцыі на інфармацыйныя хвалі ў суседніх дзяржавах.
  • і, нарэшце, у адрозьненьні ад той жа РФ, Польшчы, нават Украіны, няма адпрацаваных алгарытмаў хуткага рэагаваньня ды правядзеньня тактычных інфармацыйных апэрацый.

Для ілюстраваньня прапанаваных вышэй тэзаў, выкарыстаю прыклад Украіны і беларуска-украінскіх адносінаў на працягу 2014-19 гадоў.

Украіна, як дзяржава-сусед, адзін з асноўных накірункаў турыстычных патокаў, няблага знаёмая значнай частцы грамадзян Беларусі. Але 2014 год стаў паказальным, паколькі ўжо з красавіка паток беларускіх турыстаў ва Украіну зьвёўся практычна да нуля: пачынаючы са студзеня 2014 году на тэрыторыі Беларусі была запушчаная чутка пра тое, што ва Украіне забіраюць машыны ў беларускіх турыстаў «на патрэбы майдану» (пазьней — патрэбы дабрабатаў ці АТО). Тэза запускалася адначасова зь вялікай колькасьці крыніц (людзей-носьбітаў) ды сацыяльных сетак. Агульная легенда выглядала так : «у сваяка (добрага знаёмага ці сваяка сяброў) падчас паездкі ва Украіну забралі аўтамабіль людзі, што прадставіліся «майданаўцамі». Міліцыя ці не прыехала ці адмовілася штосьці рабіць». Адрозьнівалася геаграфія, ўказваўся розны час, але легенда была нязьменнаю.  Свайго піку кампанія дасягнула ў красавіку-траўні 2014, практычна цалкам спыніўшы турыстычныя патокі.

Вельмі простая і другасная тэма (ці мала якія чуткі ходзяць) дала надзвычай важны рэзультат для арганізатараў атакі: «народная дыпляматыя» у выглядзе бытавых кантактаў, паездак, спынілася амаль на год. І за гэты год сярэднестатыстычны беларус у пытаньнях падзеяў ва Украіне меў толькі 2 варыянта поглядаў «нэгатыўна-нейтральны» афіцыйных СМІ і цалкам нэгатыўны ад расійскіх мэдыя.

У лістападзе 2016 Беларусь і Украіна дамаўляюцца пра пэўныя зьмены фармату супрацоўніцтва між дзяржавамі. Апроч звычайнага гандлю, бакі пачынаюць рэалізоўваць праграмы прамысловай, а дзе-нідзе і навукова-тэхнічнай каапэрацыі. На фоне растучага эканамічнага ціску з Масквы, украінскі рынак стаў пэўнай кампэнсацыяй для беларускіх вытворцаў. Да таго ж па некаторых пазыцыях Беларусь стала краінай-пасярэднікам па выхаду на расейскі рынак для ўкраінскіх вытворцаў. Схема працавала і ў адваротным кірунку.

Такі стан рэчаў ствараў пэўныя праблемы для расейскае палітыкі ціску на Беларусь і на Ўкраіну (на кожную з дзяржаваў, натуральна, па свайму сцэнару). Натуральна, што замарудзіць, паставіць іх у залежнасьць ад сваіх рашэньняў, ці цалкам спыніць працэсы было ў інтарэсах Крамля. Але ж, калі дакумэнты на дзяржаўным узроўні падпісаныя, патрэбныя падставы для іх перагляду. Такімі могуць стаць зьмены ў грамадзкай думцы. Беларуская ўлада ў меншай ступені залежная ад іх, залежнасьць украінскай — крытычная.

Адпаведна, ужо са сьнежня 2016 году ў украінскай інфармацыйнай прасторы пачалі праходзіць тэзы пра «расейскую небясьпеку» для Беларусі і расейскую пагрозу для Ўкраіны, якая сыходзіць… ад Беларусі. Схематычна пазначу асноўныя тэмы, якія падымаліся:

  • лістапад-сьнежань 2016. Паднятыя дзьве тэмы: Лукашэнка, які грае па сцэнару РФ і пагроза «крымскага сцэнару для Беларусі». Апошнюю падмацоўвалі фактам колькасьці вагонаў на вучэньні «Запад-2017»;
  • студзень-люты 2016 году. Паколькі першая тэма не атрымала належнае рэакцыі, пачала адпрацоўвацца другая — вайсковае пагрозы з боку Рэспублікі Беларусь. У якасьці інфармацыйных нагодаў выкарыстоўваліся дадзеныя пра згаданую колькасьць вагонаў для перакідкі войскаў, а таксама ўсе кантакты па лініі вайсковых ведамстваў Беларусі і РФ;
  • люты-сакавік. Ізноў паднятая тэма вайсковых базаў. Маўляў, такія ёсьць на тэрыторыі Беларусі і пасьля вучэньняў будуць створаныя новыя. Дадатковы сюжэт — расейскія войскі застануцца ў Беларусі ды зьменяць палітычнае кіраўніцтва краіны.
  • сакавік-красавік. Беларусь быццам бы аддае сваю сыстэму супрацьпаветранай абароны пад кіраўніцтва РФ. Падставай стала накіраваньне Пуціным у Думу узгодненых зьменаў дамовы пра супольную групоўку войскаў.
  • красавік-травень. Вайсковыя базы, якія РФ разварочвае ў Смаленску ды Клінцах — гэта «арміі ўварваньня ў Беларусь». Лукашэнку скінуць. У Беларусі можа зьявіцца свая «ДНР»
  • травень-чэрвень. На фоне публікацыі сцэнару вучэньняў тэза па зьяўленьне «непадкантрольнай тэрыторыі», якая будзе падтрымлівацца расейскімі вайсковымі загучала з новай сілай. Адначасова з тым наноў былі паднятыя пытаньні магчымай колькасьці расейскіх вайскоўцаў, што прыедуць у Беларусь
  • чэрвень-ліпень. Асноўныя тэзы: акупацыя Беларусі, палітычны пераварот, а таксама дадалася новая група тэмаў — кепскае стаўленьне беларусаў да ўкраінцаў. Падтэзамі апошняй былі: зьдзекі беларускіх мытнікаў над турыстамі, актыўнасьць беларускіх спэцслужбаў, падтрымка беларусамі анэксіі Крыму, гандаль Беларусі з Крымам і «ДНР/ЛНР».
  • ліпень-жнівень. Працягвалася (ужо ў штотыднёвым рэжыме) разгортваньне тэмы пра расейскую акупацыю Беларусі, а таксама разгортвалася тэза пра актыўнасьць спэцслужбаў Беларусі.
  • У жніўні-верасні асноўнымі былі тэзы пра тое, што ня ўсе расейскія войскі выйдуць з Беларусі. Па заканчэньні вучэньняў, бліжэй да кастрычніка — інфармацыя падавалася ў выглядзе «яны засталіся».

Паведамленьні запускаліся па двух асноўных алгарытмах:

  1. «Уласнымі вачыма». У сацыяльных сетках зьяўлялася гісторыя пра асабісты досьвед (альбо досьвед знаёмых) з апісаньнем «праблемы» і зададзенай эмацыйнай афарбоўкай. СМІ «трэцяга эшэлону» перадрукоўвалі інфармацыю, дзе эмацыйныя ацэнкі ўжо падавалі за даказаныя факты. Сьледам (ужо без спасылак на крыніцу ў сацыяльных сетках) інфармацыю давалі 1-2 інтэрнэт-рэсурса, апазыцыйных украінскай уладзе і, у эфірах на ТБ камэнтавалі экспэрты. Наступны этап — пераход інфармацыі ў СМІ першага эшэлону. Прычым, на гэтым этапе ўжо са спасылкай на шматлікія крыніцы «у медыя» альбо на «шырокі рэзананс тэмы». Часьцяком, першасныя тэзы на гэтым этапе губляліся.
  2. Інтэрпрэтацыя фактаў. На падставе рэальных фактаў ці сьвядомае правакацыі (як у выпадку з танкавым маршам на Беларусь з Масквы) тэму падымалі некалькі СМІ «другога эшэлону». Яны зьвярталіся за камэнтарамі да «экспэртаў» ці лідэраў грамадзкае думкі, што насьцярожана ставяцца да Беларусі. Часта гэта адбывалася на тэлевізійных эфірах. Альбо самі вядучыя ў студыі прапаноўвалі «паразважаць» над інфармацыяй. Пасьля гэтага тэза, ужо з патрэбнаю эмацыйнаю афарбоўкаю, расстаўленымі акцэнтамі, распаўсюджвалася па іншых медыя.

Натуральна, далёка ня ўсе паведамленьні можна лічыць часткай сплянаванай інфармацыйнай атакі. Калі створаны агульны нэгатыўны фон, то тэмы, паднятыя, напрыклад, па другому алгарытму , могуць узьнікаць самастойна. Адрозьніць штучна створаную інфармацыйную хвалю лёгка можна па спэцыфіцы яе росту. Асноўныя прыкметы: штучнасьць і хуткасьць пашырэньня. Тэзы, якія можна аднесьці да праяваў інфармацыйных атакаў, у сярэднім пашыраліся значна хутчэй, чым звычайныя інфармацыйныя нагоды. Інтарэс да іх таксама стараліся падтрымліваць 4-5 дзён замест звычайных для украінскіх СМІ 1-2 сутак + нядзельныя эфіры на ТБ.

Напрыклад, калі першасная інфармацыя ў сацыяльных сетках, колькасьць рэпостаў значна перавышае колькасьць рэакцый (лайкі і г.д.). Пасьля часавыя прамежкі паміж пераходам да кожнага з этапаў. Пагадзіцеся, крыху падазрона, калі «пост звычайнага грамадзяніна» ужо праз 3 гадзіны патрапляе ў навінавыя стужкі 3-4 інтэрнэт парталаў. А яшчэ праз гадзіну праходзіць у медыя з ТОП-20 па ўплывовасьці. Тое самае тычыцца і запуску на падставе «рэальнай інфармацыі». Напрыклад, інфармацыйная нагода з «перападпісаньнем дамовы пра агульную СПА Беларусі і РФ». Ад моманту публікацыі дадзеных на сайце Крамля да зьяўленьня ў украінскіх СМІ прайшоў тыдзень (!). Затое пасьля тэза разышлася (з падачы тэлеканала 112 В. Медведчука і сайта Страна.уа) за 4-5 гадзінаў. Цікавая яшчэ адна акалічнасьць — частку тэзаў актыўна падтрымлівалі беларускія рэсурсы. Частка, як, напрыклад, гандаль с Крымам, ДНР/ЛНР станавіліся, крыху пазьней тэмамі журналісцкіх расследваньняў (зважаючы на інтарэс ва Украіне). Але ў значнай частцы беларускія медыя былі залучаныя ад самага пачатку. Напрыклад, дзіўнае супадзеньне, але Хартыя -97 давала матэрыялы па ўсіх без выключэньня (а іх за 2017 год было больш за 80) ключавых тэзах інфармацыйных атакаў. Прычым на пачатковых стадыях росту хвалі.

Асобна варта ўзгадаць кейсы з выкраданьнем Паўла Грыба і арыштам украінскага журналіста  Паўла Шаройка. У першым выпадку парадаксальным выглядае ўсё, ад падрабязнасьцяў візыту ўкраінца ў Беларусь, да абвінавачваньнем. Але, калі паглядзець з іншага боку, лепшую кандыдатуры абраць цяжка:

  • Украіна — рэлігійная дзяржава, Грыб — сын капэлана.
  • Ва Ўкраіне йдзе вайна і вэтэраны, вайскоўцы карыстаюцца павагай, спробы нават проста негатыўна адазвацца пра іх выклікаюць хвалю абурэньня. Бацька Паўла — вайсковы капэлан, які прайшоў АТО.
  • Сам хлопец — тыповы прадстаўнік маладога пакаленьня ўкраінскіх патрыётаў, з ярка акрэсьленаю пазыцыяй.
  • Хлопец мае праблемы са здароў’ем. І ўжо на першых этапах крызы ў СМІ падавалася інфармацыя пра тое, што ён інвалід.
  • І, нарэшце, узрост хлопца і «рамантычная гісторыя» спробы паратунку «дамы сэрца» з рук расейскага ФСБ.

Такім чынам у вачах грамадзтва сытуацыя выглядала так: малады хлопчык-інвалід, патрыятычна настроены, с сям’і вайсковага сьвятара спрабаваў дапамагчы каханай дзеўчыне. Яго скралі агенты ворага на тэрыторыі фармальна нейтральнай дзяржавы. Вельмі кепскі для Беларусі кейс, які быў памножаны на правальную камунікацыю з беларускага боку. Нашыя сілавікі і дзяржаўныя органы працавалі паводле фармальных працэдураў, не зважаючы на шум у СМІ і не даючы камэнтароў.

З Паўлам Шаройка сытуацыя ня меней заблытаная. Журналіст быў затрыманы пасьля спробы атрымаць «дакумэнты пра расейскую прысутнасьць у Беларусі». Пры гэтым ягоны «кантакт» — журналіст расейскага НТВ застаўся на свабодзе. Бакі дамовіліся пра «ціхі абмен» без розгаласу. Аднак тыя ж журналісты расейскіх СМІ раптоўна пачалі запытвацца ў сваіх украінскіх калегаў у Менску пра лёс Шаройкі. У выніку ўкраінскія медыя, як яны лічылі, спрацавалі на апераджэньне — пачалі падымаць тэму. Абмен сарваўся. Адначасова з тым у ўкраінскіх СМІ раптам зьяўляюцца «дакуманты», якія атрымаў Шаройка калі яго затрымалі. Прынамсі, дзіўна, як яны ў такім разе маглі патрапіць ва Ўкраіну.

Абодва выпадкі паказальныя яшчэ адным зьбегам абставінаў. За два месяцы перад выкраданьнем Паўла Грыба у ўкраінскіх СМІ спрабавалі падняць тэму «кепскага стаўленьня» беларусаў да ўкраінцаў і працы спецслужбаў супраць грамадзян Украіны. За два месяцы перад арыштам Шаройкі падымалася тэза пра «расейскія войскі, што засталіся ў Беларусі». Фактычна і адзін і другі выпадак можна успрымаць як фінальную кропку канкрэтнай інфармацыйнае атакі.

Мэты гэтай хвалі інфармацыйных апэрацыяў можна акрэсьліць у двух, зьвязаных між сабою накірунках:

  1. зьмены грамадзкае думкі, што да супрацоўніцтва з суседняю дзяржавай, магчымае пагаршэньне адносінаў між людзямі на бытавым узроўні;
  2. правакацыя абвастрэньня адносінаў на ўзроўні дзяржаўных органаў, абмен нотамі між МЗС, магчымы дыпляматычны канфлікт.

Вынікі апэрацыі 2017 году можна лічыць дасягнутымі толькі часткова. З аднаго боку, Беларусь і беларусы ў рэйтынгу даверу ўкраінцаў саступілі першы радок і (на кароткі час) нават выйшлі з ТОП-3 рэйтынгу пазытыўнага стаўленьня. Частка сумесных праграмаў сапраўды, была адкладзена. Аднак, пераважная большасьць з іх і надалей прапрацоўвалася ці рэалізоўвалася. Тут, магчыма, адыгралі ролю адсутнасьць альтэрнатыўных прапановаў ад трэціх краінаў у галінах, па якіх ішло супрацоўніцтва, а таксама, аднаўленьне «нізавое дыпляматыі» — беларусы працягвалі актыўна ездзіць ва Ўкраіну, украінцы ў Беларусь.

2018 год меў свае адметнасьці. Гэта фактычны пачатак перадвыбарчай кампаніі ва Украіне, ціск РФ на «разьвіцьцё інтэграцыі» што да Беларусі. Да таго ж, пасьля вучэньняў «Запад 2017» нападу на Ўкраіну не адбылося, таму тэзы пра вайсковае ўварваньне сталі не актуальнымі.

Адпаведна, увесь 2018 год, асабліва ягоную другую палову, на ўкраінскім інфармацыйным фоне разьвівалі іншыя тэмы — пра хуткае палітычнае паглынаньне Беларусі Расеяй. Падставы — шматлікія безвыніковыя перамовы Лукашэнкі з Пуціным ды Мядзьведзевым і прызначэньне паслом у Беларусь М. Бабіча. Хваля сышла, з аднаго боку, дзякуючы выцісканьню расейскага амбасадара з Менску, з другога, з аб’ектыўных прычын — нечаканых вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне і хуткасьці палітычных працэсаў, што пайшлі пасьля гэтага.

У той жа час, назіраюцца пазытыўныя зьмены, якія пакуль зарана адносіць да катэгорыі «праявы новае інфармацыйнае палітыкі». Так, напрыклад, у чэрвені была спроба запусьціць тэзу пра прысутнасьць расейскіх войскаў у чарнобыльскай зоне на тэрыторыі Беларусі. Але, інфармацыйная хваля была зьбітая на самым пачатку тры падзеямі:

  • Брыгада ЗСУ, якая прыкрывае гэты участак мяжы, адрэагавала на пост у сацыяльнай сетцы, які быў крыніцай атакі (падкрэсьлю, не на паведамленьні ў СМІ, а дакапаліся да крыніцы) паведамленьнем пра праверку фактаў і гатоўнасьць рэагаваць на пагрозы, калі такія будуць.
  • Праз два дні пасьля паведамленьня ў Кіеве адбылася сустрэча начальнікаў генштабоў міністэртстваў абароны Беларусі ды Ўкраіны.
  • Яшчэ праз тыдзень адбылося інспэктаваньне беларускіх вайсковых аб’ектаў украінскімі вайскоўцамі.

Падобная пасьлядоўнасьць можа быць выпадковасьцю, але яна дала плён. Таму, калі такі алгарытм дзеяньняў, прынамсі, варта вывучыць і, пры нагодзе, прымяняць.

На жаль, беларускія дзяржаўныя органы агулам пакуль не дэманструюць наяўнасьці палітыкі па абароне інтарэсаў Беларусі на інфармацыйным полі ключавых партнэраў.  Асабліва ва умовах хуткага разгортвання інфармацыйных атак са зьменаю ключавых тэзаў, як гэта было ў 2017 годзе.

Дадзены тэкст быў надрукаваны ў зборніку Eastern Europe: in the frog of hybrid war (2019) 

Вольга Харламава, адмыслова для Belarus Security Blog

Іншыя матэрыялы па тэме:

Инструменты российского влияния в Беларуси (часть 1)

Инструменты российского влияния в Беларуси (часть 2)

Палітыка гістарычнай памяці як інструмант расейскага ўплыву на Беларусі

Logo_руна