Палітыка гістарычнай памяці як інструмант расейскага ўплыву на Беларусі

3140

Вы прачытаеце гэты тэкст за 6 хвілін

Гістарычная навука адыгрывае важнейшую ролю ў фарміраванні нацыянальнай свядомасці народа. У гэтым сэнсе Беларусь знаходзіцца ў вельмі небяспечнай сітуацыі. У савецкія часы беларускую мінуўшчыну разглядалі з марксісцка-ленінскіх пазіцый. Пасля атрымання Беларуссю незалежнасці ў 1991 годзе распачаўся кароткі перыяд аб’ектыўнага разгляду айчыннай гісторыі.

Пасля 1994 года у беларускай гістарычнай навуцы ізноў пачалі распаўсюджвацца савецкія падыходы ў разглядзе ключавых аспектаў беларускай гісторыі. Дадзеная сітуацыя працягваецца і сёння, чым актыўна карыстаецца ўсходні сусед Беларусі. Расійскія ідэолагі (большасць з якіх з’яўляюцца дыпламаванымі гісторыкамі), выкарыстоўваючы слабасць беларускай дзяржаўнай ідэалогіі, спрабуюць маніпуліраваць гістарычнымі фактамі і з іх дапамогай уплываць на беларускае грамадства, якое, з большага, слаба ведае айчынную гісторыю. Адным з цэнтраў расійскага ўплыву ў гістарычнай сферы ў Беларусі з’яўляецца Фонд “Гістарычная памяць”, кіраўніком якога з’яўляецца расейскі гісторык Аляксандр Дзюкаў. Узгаданая арганізацыя існуе з 2008 года і ад пачатку свайго існавання актыўна ўмешваецца ў працэс фарміраванне беларускай гістарыяграфіі. Дэкларуючы падтрымку “правядзення  даследавання актуальных старонак расійскай і ўсходнееўрапейскай гісторыі” расійскі фонд па сродках выдання кніг і правядзення канферэнцый падтрымлівае выгадны Крамлю накірунак развіцця беларускай гістарычнай навукі. Асабліва гэта тычыцца выдання зборнікаў архіўных дакументаў “Забойцы Хатыні: 118-ты ўкраінскі батальён ахоўнай паліцыі ў Беларусі” (2018) ці “НКУС у Заходняй Беларусі” (2019). Першая з іх актыўна робіць акцэнт на тым, што беларускую вёску спалілі менавіта…украінцы. Зроблена гэта, зразумела, з улікам расійска-украінскага канфлікта на Данбасе, у якім Беларусь (у палітычнай сферы) спрабуе захоўваць нейтральную пазіцыю. А што з беларускім грамадствам? Тут для расійскіх прапагандыстаў адкрываецца поле для манёўра. ““Бандэраўцы” спалілі мірных беларускіх сялян” – гэты пастулат актыўна адпрацоўваўся ў расійскіх сродках масавай інфармацыі пачынаючы з 2014 года. Да таго ж агучаную ідэю пачынаюць падкідываць праз гістарычныя працы, якія пазіцыяніруюцца як чыста архіўныя.

У год 80-й гадавіны з моманту пачатку Другой сусветнай вайны Расія пачала актыўную “распрацоўку” тэмы “вызвольнага пахода Чырвонай Арміі ў Заходнія Беларусь і Украіну”. У чэрвені 2019 года на сайце Фонда “Гістарычная памяць” быў апублікаваны арыгінал савецкага экземпляра Пакта Рыбентропа-Молатава, падпісаны ў жніўні 1939 года. Факт публікацыі павінен прадэманстраваць “адкрытасць” расійскай гістарычнай навукі, якая, быццам, заяўляе “вось, мы не хаваем праўду”. Анак, тут не ўсё так проста. Крэмль актыўна ўзяўся за адпрацоўку тэмы “17 верасня 1939 года”, калі Савецкі Саюз, пасля дваццаці міжваенных гадоў пачаў выходзіць на “гістарычныя межы”. У гэтым кантэксце, важную ролю адыгрывае стары савецкі пастулат пра “ратаванне братоў беларусаў і украінцаў”, які, па меркаванні Расіі і сёння не страціў актуальнасці.  І вось аўтары зборніка “НКУС у Заходняй Беларусі” заяўляюць, што “імкнуцца паказаць адзіную карціну дзейнасці органаў НКУС на ўсіх узроўнях у кантэксце тых грамадска-палітычных задач, якія ставіліся перад спецслужбай вышэйшым палітычным кіраўніцтвам СССР і партыйна-савецкім кіраўніцтвам БССР”. Галоўнай высновай зборніка з’яўляецца пастулат пра тое, што “Супрацоўнікі НКУС забяспечылі бяспеку функцыянавання мясцовых органаў кіравання, узялі пад ахову найважнейшыя гаспадарчыя аб’екты, прамысловыя прадпрыемств і ўстановы, не дапусцілі праявы зладзейства, разбою і рабункаў, стварылі ўмовы дзеля правядзення выбараў і працы Народнага сходу Заходняй Беларусі ў Беластоку”. Такім чынам, акцэнты пераносяцца з рэпрэсіўнай палітыкі бальшавіцкай сістэмы на тэрыторыі Заходняй Беларусі на “чыста адміністратыўную працу і выкананне загаду”. Сітуацыю ў лепшы бок змяніла б публікацыя ў такога кшталту зборніках асабістых спраў арыштаваных у 1939-1940 гг. на тэрыторыі былых паўночна-усходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай прадстаўнікоў так званага “польскага кантынгента”. Але гэтыя факты дэманструюць рэальную “працу” НКУС і таму іх адкрыццё для грамадства не ў інтарэсах сучаснай расійскай прапаганды.

Асобную ролю ў прасоўванні “расійскага погляду” на гісторыю Беларусі адыгрываюць калягістарычныя, папулярныя публікацыі ў “сусветнай павуціне”, якія з’яўляюцца напярэдадні важных гістарычных дат. У сувязі з адмовай польскага боку запрасіць у Варшаву на святочныя мерапрыемствы, звязаныя з 80-й гадавінай з моманту пачатку Другой сусветнай вайны, расійскага прэзідэнта У. Пуціна большасць расійскіх інтэрнэт-рэсурсаў пачала актыўна абвінавачваць даваенную Польшчу ў разпальванні Другой сусветнай вайны.  Напярэдадні 80-й гадавіны з пачатку “польскага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Украіну” на сайце Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі былі апублікаваныя да гэтага моманту засакрэчаныя дакументы Генеральнага штаба РСЧА. Сярод іх вылучаецца дакладная запіска начальніка Генеральнага штаба, камандарма 1-га рангу Барыса Шапашнікава ад 24 сакавіка 1938 года, у якой савецкі военачальнік аналізаваў магчымасць баявых дзеянняў СССР супраць суседзяў у Еўропе і на Далёкім Усходзе. Пры гэтым у дакуменце адзначалася, што “Польшча знаходзіцца ў арбіце фашысцкага (Германія і Італія) блока, спрабуючы захаваць бачную самастойнасць сваёй знешняй палітыкі”. Шапашнікаў у сур’ёз разглядаў германа-польскі вайсковы хаўрус супраць СССР. З сённяшняй перспектывы, пасля аналізу значнай колькасці архіўным матэрыялаў, можна з упэўненасцю сцвярджаць, што Другая Рэч Паспалітая не збіралася выступаць супраць СССР на баку Трэцяга Рэйху. Пры гэтым, з першага дня Другой сусветнай вайны ў складзе Войска Польскага супраць нацыстаў змагаліся тысячы беларусаў і ўраджэнцаў Заходняй Беларусі. Аднак у сучаснай Беларусі пануе савецкі погляд на падзеі Другой сусветнай вайны і публікацыя такога кшталту дакументаў без гістарычнага каментара, зробленага з беларускіх нацыянальных пазіцый, можа прывесці да скажэння гістарычнай рэчаіснасці 1930-х гадоў.

Варта падкрэсліць, што афіцыйныя ўлады Беларусі ў чарговы раз “вельмі спакойна” адрэагавалі на 80-ю гадавіну далучэння Заходняй Беларусі да БССР. Пры гэтым у Расіі розныя выданні актыўна каментавалі гэтую тэму. Некаторыя расейскія медыя прасоўваюць ідэю надання дню 17 верасня статуса нацыянальнага свята. Зразумела, што яны не імкнуцца абараніць беларускую гістарычную спадчыну і дзяржаўнасць. Галоўнае — супрацьпаставіць Мінск Варашаве і стварыць чарговую “гарачую кропку” у і без таго нацягнутых беларуска-польскіх міждзяржаўных стасунках.

Акрамя падзей ХХ ст. расійскі бок актыўна адпрацоўвае тэму “польскага героя Тадэвуша Касцюшкі”, Люблінскай вуніі, якая была накіравана супраць Масквы, а значыць гэта, быццам бы адмоўная старонка гісторыі Беларусі і іншыя сюжэты беларускай гісторыі. Улічваючы адсутнасць дастатковай колькасці аб’ектыўных беларускіх гістарычных даследаванняў такога кшталту папулярныя публікацыі адыгрываць адмоўную ролю ў справе фарміравання гістарычнага светапогляду беларускага грамадства.

Расійскія ўплывы ў сферы гістарычнай навукі Беларусі з’яўляюцца даволі моцнымі і таму ўяўляюць небяспеку як для фарміравання айчыннай канцэпцыі разгляду гісторыі Беларусі, так і працэсу фарміравання гістарычнай свядомасці сучаснага беларускага грамадства. У гэтай сувязі важную ролю адыгрывае дзейнасць незалежных беларускіх гісторыкаў і даследчыкаў, якія непасрэдна працуюць з рознымі грамадзкімі плынямі і павышаюць узровень гістарычных ведаў беларусаў.

Дадзены тэкст быў надрукаваны ў зборніку Eastern Europe: in the frog of hybrid war (2019) 

Ігар Мельнікаў, кандыдат гістарычных навук, адмыслова для Belarus Security Blog

Іншыя матэрыялы па тэме:

Инструменты российского влияния в Беларуси (часть 1)

Инструменты российского влияния в Беларуси (часть 2)

Інфармацыйная вайна пад чужымі сцягамі

Logo_руна